Рэгіён Балтыйскага мора з’яўляецца адным з ключавых пунктаў на карце сучаснай Еўропы — месцам, дзе сутыкаюцца дзве мадэлі свету: дэмакратычная і аўтакратычная. Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер і міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі падчас канферэнцыі ў Сенаце Польшчы, прысвечанай бяспецы Балтыйскага рэгіёну, — піша forsal.pl.
Дыпламат падкрэсліў, што сітуацыя вакол Балтыкі «як у лінзе паказвае найбольшыя глабальныя выклікі». Сікорскі нагадаў і словы міністра абароны Германіі Борыса Пісторыуса, які адзначыў, што бяспека краін Балтыйскага басейну непасрэдна ўплывае на бяспеку ўсёй Еўропы. «Тут вырашаецца лёс нашага кантынента, а значыць і свету», — падкрэсліў кіраўнік МЗС Польшчы.
На думку Сікорскага, сусветны парадак перажывае «пераходны этап», і тое, якой будзе міжнародная рэальнасць праз некалькі гадоў, у значнай ступені залежыць ад супрацоўніцтва краін рэгіёну. Міністр адзначыў, што ў апошнія гады дзяржавы Балтыйскага мора дэманструюць высокі ўзровень згуртаванасці: падтрымліваюць Украіну, узгадняюць санкцыі супраць Расіі, супольна супрацьдзейнічаюць спробам дэстабілізацыі і міграцыйнаму ціску.
Радаслаў Сікорскі заклікаў не паддавацца страху перад Масквой: «Мы не павінны ўступаць Расіі, якой бы абсурднай ні была яе рыторыка. Эканамічны патэнцыял дзяржаў Рады Балтыйскага мора ў некалькі разоў перавышае расійскі — і гэта наш рэсурс сілы». На заканчэнне міністр адзначыў, што будучыня рэгіёну павінна грунтавацца на супрацоўніцтве, развіцці тэхналогій, энергетыцы і навуцы: «Мы маем што абараняць і маем для гэтага дастаткова магчымасцяў».
эж